минск
Минск старый и новый
минск: старый и новый
 

Валютны крызіс 2011 г.

Андрэй Берастоўскі

Валютны крызіс 2011 г. пачаўся неяк нечакана. Памятаю, як вясной я сядзеў за камп'ютарам на сваёй кафедры ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці, туды забегла мая студэнтка Карына Кошалева і прашчабятала:
-- У Мінску перасталі прадаваць валюту!
Я не звярнуў увагі на тую навіну: і без таго хапала праблем. Думаў, мера часовая, толькі што ў магазінах знікаў і зноў з'явіўся цукар-пясок, значыць і з валютай будзе не надоўга. Але хутка сітуацыя стала выглядаць сур'ёзней.

Увогуле крызіс прыходзіць адкуль яго не чакаеш. І нават самая стабільная эканоміка можа рухнуць пры з'яўленні якога-небудзь «фактара-неспадзяванкі». Тым больш эканоміка беларуская, якая ішла то ўгару, то ўніз.

Укладаем цешчыны грошы і свае пакрысе.
Летам мая цешча перадала нам эквівалент тысячы долараў у беларускіх рублях і загадала адрамантаваць на іх кухню пакуль яны не прагарэлі. Пачалася «вясёлая» рамонтная пара. Адзін майстар змяняў другога, цешчыны грошы хутка скончыліся і мы пачалі пускаць у расход нашы зберажэнні. І скончылася ўсё тым, што каб не застацца зусім без грошай на жыццё я мусіў уладкавацца на будоўлю чорнарабочым і папрацаваць там пару тыдняў да выхаду на асноўную работу выкладчыкам англійскай.

Не ведаю, ці было б лепш праесці тыя грошы і спакойна пражыць лета, але рамонт на кухне ўсё роўна трэба было рабіць...

Таксама было адчуванне дэжавю калектывізацыі, калі сяляне рэзалі скаціну, каб не здаваць яе ў калгасы. Мы з жонкай як і многія іншыя таксама знішчылі свае грашовыя рэзервы амаль да нуля, каб апярэдзіць інфляцыю. Дарэчы, інфляцыю не столькі ў плане цэн у магазіне, сколькі рухкі рост долара на чорным рынку: дзяржаўны курс быў 5000, рэальны 6000, потым 7000 і ўрэшце 8600 беларускіх. Акрамя рамонту, купілі аэрагрыль за 2/3 маёй тагачаснай зарплаты (цяпер ён стаіць і чакае чарговага рамонту, а тады здаваўся файнай інвестыцыяй).

А таму што крызіс!
Увесь гэты час, пакуль валюту ізноў не пачалі прадаваць свабодна, было адчуванне набліжэння сацыяльнага выбуху. Прадукты нікуды не знікалі, чэргі стаялі толькі ў валютных абменніках, на вуліцах не было масавага рабаўніцтва, але я думаў, што надахоп валюты можа прывесці да знікнення некаторых гандлёвых арганізацый, што працавалі з імпартным таварам і не маглі тады яго набыць, што многія беларусы, панабраўшы валютных крэдытаў могуць пазбавіцца жылля і сродкаў да жыцця – і тады ўсе праблемы, што ўжо былі ў краіне могуць прывесці да грамадзянскай вайны. Пры гэтым дзяржаўным СМІ даверу ўжо даўно не было, а апазіцыйныя скарысталіся сітуацыяй па поўнай і ім было цяжка не верыць. Да таго ж сарафаннае радыё прадказвала далейшы абвал рубля да курсу 20000 за долар наступнай (2012 г.) вясной. (Што так і не адбылося).

Памятаю, як жонка прасіла мяне знайсці новую работу, бо рост зарплаты не чакаўся, а кошт жыцця ўсё рос і рос. Але я працаваў на будоўлі і не меў часу на пошукі. Таксама беларускі асцярожны менталітэт утрымліваў мяне ад таго каб рабіць рэзкія рухі ў гэтым плане: з работы мяне не гналі, як раз перад крызісам мяне хацела падсядзець загадчыца кафедры, але яе знялі з пасады, а калі начальства вышэй разбірала яе абвінавачванні супраць мяне, за мяне заступілася намдэкана і я сам знайшоў, што адказаць, каб замест лаянкі атрымаць пахвалу. Таму работа ў мяне яшчэ была як тая сініца ў руцэ.

У гэты час многае спрабавалі спісаць на крызіс. Выраз «а таму што крызіс» стаў тлумачэннем многім праблемам, якія насамрэч мелі да яго толькі ўскоснае дачыненне. Думаю, хапіла бізнесмэенаў, што здолелі «наварыцца» менавіта «таму што крызіс».

Які крызіс?
Было і іншае. Я сустракаў бабуль, што сядзелі ў банках і магазінах ля абменнікаў, чакаючы калі праз 4-5 гадзін яны пачнуць працаваць (а працавалі яны вечарам, бо нерэнтабельна было трымаць касіраў поўны працоўны дзень, калі дурных здаць валюту не было) і трымаючы свае месца ў чарзе. Некаторыя нават прыносілі кнігі і складныя стульчыкі. Ніякай злосці ці стомленасці ў іх не бачыў. Не, хапала і тых, хто быў раз'юшаны на ўрад, але былі і тыя, хто моўчкі лавіў свой шанец купіць валюту, як рыбку.

Аднойчы я гуляў з сынам (цяпер старэйшым, тады адзіным) ля мосціка праз Сляпянскае вадасховічша, што злучаў 1-ы і 2-і Ўсходы. Там з боку школы №137 пасвяцца голубі ў вялікай колкасці. Мой Данік любіў іх паганяць. Пакуль ён ганяў, я назіраў такую сцэнку: маладая мама сыпле пшанічную крупу з пакета птушкам. Адна старая жаншчына пытае ў яе:
-- Вы чаго сыплеце пшано ў такой колькасці?
-- А чэрві ў ім завяліся, дык усё роўна выкідаць. Хай хоць птушкам будзе, -- адказала маладая мама. А голубі шалелі ад такой колькасці ежы.
Я падумаў тады: не ўсё так блага, калі мы кормім галубей, а не ядзім іх.
На другім баку ракі стары чалавек дастаў пакет з абгрызенымі хлебнымі коркамі і стаў крышыць іх качкам. Я падыйшоў да яго і загаварыў пра крызіс
-- Які крызіс? Вось вайна была, а гэта не цяжкасці, -- разважліва адказаў стары.

Я пагадзіўся. Мне ён нагадаў тое, што я бачыў раней і перажыў сам. Калі мне было гадоў 5-6, стары 80-гадовы сусед даставаў батоны з сметніцы ля пад'езда і крышыў іх галубам. Тады я не разумеў, як можна лезці рукамі ў сметніцу. Але ў 90-х, калі сур'ёзна пачала хварэць мая маці і трэба было купляць ёй дарагія лекі, я даведаўся што значыць жыць з пастаянным пачуццём голаду. Не, зразумела, не такога, калі няма чаго есці, а такога калі ты ўвесь час недаядаеш. Памятаю, як мы з братам елі свежы белы хлеб з такім смакам, як бы ён быў пірожным. Цяпер я сам рэдка дазваляю сабе выкінуць старую ежу ва ўнітаз ці ў сметніцу. Хлеб з сметніц не дастаю, але таго суседа-нябожчыка разумею добра.

Таксама не спынялася бясконцая будоўля, якую можна бачыць то тут, то там у Мінску. Усё працавала вакол і валютны крызіс не здолеў гэта спыніць.

Перамен!
Крызіс вывеў многіх незадаволеных на вуліцы. Пачаліся маўклівыя акцыі пратэсту, калі ўдзельнікі час ад часу пляскалі ў далоні, а астатні час маўчалі. Вадзіцелі спынялі машыны і сігналілі, штучна рабіўшы заторы на дарогах. Міліцыя арыштоўвала некаторых удзельнікаў гэтых акцый, і іх прысуджалі да выплаты штрафаў. Хадзілі жарты, што пляскаць у тэатры і на канцэртах цяпер забаронена, бо тады могуць арыштаваць за палітыку. Узмацнілася і адказнасць за арганізацыю і правадзенне масавых мерапрыемстваў. Тым не меньш, масавыя мерапрыемствы, якія не мелі дачынення да патрыятызму і лаяльнасці ўладзе, не былі забаронены. Так летам 2011 г. мне даводзілася пабываць на адным масавым мерапрыемстве, не звязаным з палітычнымі спаборніцтвамі і ніякага прэсінгу я там не адчуў. Міліцыя шчыльна ахоўвала ўваходы, недазваляла праносіць некаторыя патэнцыяльна небяспечныя рэчы, але толькі каб прадухіліць магчымасць тэрарыстычнай пагрозы. Ніхто з некалькіх тысяч удзельнікаў не быў затрыманы, ніякай забароны пляскаць у далоні прамоўцам не было, як не было і ніякай спробы прымусіць удзельнікаў мерапрымства заявіць аб лаяльнасці ўладзе. (Пішу ўсё гэта, бо не раз сустракаў людзей, якія лічаць, што ў Беларусі ўсё кантралюецца дзяржавай і ўсіх незадаволеных кідаюць у турмы і лагеры).

Паколькі я не быў сведкам акцый пратэсту, я не магу нічога аб'ектыўнага напісаць пра іх акрамя таго, што ўжо напісаў. І праблема тут у адсутнасці сапраўды аб'ектыўнага апісання той пратэстнай хвалі, што была летам-восенню 2011 г. Дзяржаўныя і апазіцыйныя СМІ напісалі і знялі на відэа многае, але кожны на свой лад, так што цяжка зразумець што ж было на самой справе. Многія гісторыі, што з'яўляліся ў друку і Інтэрнеце немагчыма праверыць. Відэа здымалася так, што не было зразумела колькі чалавек сапраўды прыйшло на дэманстрацыю, чаму міліцыя і КДБ хапалі адных і пакідалі іншых.

Негледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці нешта аб'ектыўнае і фактычнае пра пратэсты 2011 г. я сказаць магу. Адна з маіх студэнтак неяк ішла з работы дадому і ўбачыла, як раптам людзі вакол яе запляскалі ў далоні. Яна казала, што была атмасфера нейкага свята (а тады яна не ведала, што гэта быў пратэст).

Падчас крызісу многія мае студэнты-завочнікі лаялі Лукашэнку за валютны крызіс. Асабліва тыя, што не выплацілі валютныя крэдыты. Я пытаюся ў адной групе:
-- Ну а што б вы казалі прэзідэнту, калі б ён зараз увайшоў у аўдыторыю?
-- I want to join BRSM (я хачу далучыцца да БРСМ), -- адказаў адзін хлопец, і ўсе зарагаталі.
Калі крызіс ужо ішоў у свой фінал, сярод маіх завочнікаў быў адзін апазіцыянер-актывіст. Ён казаў, што кожны дзень слухае песню В. Цоя «Перемен», якая стала сімвалам пратэсту для многіх незадаволеных у той час, і ходзіць на акцыі маўклівага пратэсту. Я цынічна скарыстаўся яго перакананнямі, каб «уцюхаць» яму свой тавар:
-- Каб быць харошым рэвалюцыянерам, трэба добра вучыцца. Асабліва вучыць англійскую мову. Бо інакш, як замежжа Вам дапаможа?
Цікава, што гэта размова была ў кабінеце падзеленым тонкай сцяной на дзве часткі, і на другой палове таксама займалася група з настаўніцай. Я не раз бачыў, як палохаліся мае калегі, калі размова пры студэнтах пераходзіла на палітыку (тут, мабыць, працуюць гены, прычым нават не савецкіх часоў, а яшчэ эпохі Расійскай імперыі). Але я добра разумею, што мне за такія жарты нічога ад правахоўцаў не будзе: па-першае, ў кожным вну хапае людзей, якія рэальна парушаюць законы (хабарнікі, і інш.), па-другое, Беларусь – гэта не СССР, дзе ўсіх прымушаюць згаджацца і ўхваляць што-небудзь (я добра адчуў гэту розніцу з дзяцінства), па-трэцяе, нічога крамольнага ў падобных жартах няма. Зразумела, ў кожным вну хапае тых, хто шукае магчымасці здаць калегу за эскімо, але даказаць абвінавачванні таксама не проста. У гэтым выпадку мая калега магла пачуць нашу суразмову, але, нічога мне не казала.

Магу ўзгадаць яшчэ адзін выпадак. Ужо пасля крызісу вулічныя акцыі яшчэ праходзілі, і апазіцыя планавала масавы мітынг «Народны сход» у адну з субот кастрычніка. У той дзень на завочцы паставілі па 5-6 пар. Думаю, што гэта было звязана з мітынгам: каб студэнты не ішлі на яго, але ці была гэта мясцовая ініцыятыва, ці загад «зверху» -- не ведаю. Пры гэтым студэнтам давалі магчымасць адпрошвацца праз пісьмовую заяву дэкану, і мы з групай, што я вёў, жартавалі:
-- Студэнт піша «прашу адпусціць мяне з заняткаў у сувязі з наведваннем «Народнага сходу»».
Але з тых, што адпрасіліся, думаю, ніхто і не думаў ісці на такі сход. Народ ужо згубіў цікаўнасць да палітыкі.

Яны плацілі наяўнымі.
Як я ўжо пісаў, былі тыя каго крызіс не закрануў, альбо закрануў меньш за іншых. Я бачыў як некаторыя прадпрымальнікі плацілі доларамі за адсутнасцю рублёў (зразумела, не ў магазіне). Адзін мой калега запрасіў майстроў рамонтнікаў, штосьці адраматнаваць у кватэры на вялікую суму грошай. Быў вечар нядзелі, калі трэба было ім заплаціць. Звычайна майстры ахвотна бяруць доларамі (хоць афіцыйна рубель – адзіная плацежная адзінка), але ў гэтай сітуацыі адмовіліся і патрабавалі заплаціць рублямі. І, як я зразумеў, па файнаму для сябе курсу.

Яшчэ нейкі раз на тралейбусным прыпынку гутарыў з нейкім чалавекам. Нечакана ён паказаў мне на праваслаўную царкву недалёк і запытаў:
-- Царкву бачыш?
--Бачу.
-- Я там праводзіў тэлефанію. Навошта ім яна там?
-- Ну, пажарных выклікаць...
-- Не, ты не разумееш, там такая спадарожнікавая сувязь, што ого-го! Але я не супраць: яны плацяць наяўнымі і ў валюце.
Потым дадаў:
-- Калі б нас Расія купіла, дык і наладзілася ўсё.

Дарэчы думка «Расія нас купіць» была ў нейкай ступені распаўсюджана, але нельга казаць, што ў Беларусі многія мараць аб уз'яднанні Беларусі і Расіі. Памятаю як у пачатку 2000-х на ўроку, які я вёў у школе, адзін хлопец выпусціў газы і казаў, што яны для Расіі (а тады ішла чарговая гандлёвая вайна: Расія жадала прадаваць газ даражэй, а Беларусь – купляць яго танней і многія адчувалі некаторую варожасць да ўсходняй суседкі). Ідэйных патрыётаў на Беларусі, якія б жадалі незалежнасці ад Расіі ці наадварот далучэння да яе я сустракаў нешмат. Асноўная маса – прагматыкі, якім галоўнае не ідэя, а матэрыяльны дабрабыт. У той час некаторым бачылася, што аб'яднанне з РФ магло б палепшыць іх дабрабыт. Цяпер такіх людзей меньш.

Але галоўнае ў іншым: падчас крызісу валюта ў Беларусі была, але не для ўсіх.

Урокі эканоміі
Крызіс 2011 цягнуўся нядоўга, але навучыў мяне з жонкай лепш карыстацца сваімі магчымасцямі. Раней некаторыя старыя рэчы мы проста аднослі на сметніцу. Цяпер звычайна шукаем магчымасць прадаць іх хоць за 5000 руб ці абмяняць на штосьці іншае. Пасля крызісу я пачаў працаваць больш і праз некаторы час мой дадатковы заробак – рэпетытарская дзейнасць і пераклады – стаў асноўным.

Таксама доўгі час пасля крызісу я меў моцны недавер да банкаў і трымаў грошы дома. Але потым ізноў паклаў іх у той жа самы банк (зараз іх ужо з'еў капітальны рамонт).

Некаторыя спецыялісты пачалі брацца за розныя работы. Напрыклад, плітачнікі сталі рабіць іншыя віды рамонту і выязджаць нават на невялікія заказы. Некаторыя іншыя сталі браць меньш за свае паслугі (але найбольш раскручаныя – наадварот больш).

Пасля таго як цэны на валюту паднялі да ўзроўню чорнага рынку і стала магчыма ізноў набываць яе ад крызісу застаўся толькі адзін напамін: каб купіць валюту трэба было прад'яўляць пашпарт (практыка, адмененая ў 2006 г.). Але ці магчыма было пазбегнуць гэты крызіс? Не думаю, што, калі б хваляванні супраць улады перараслі ў сапраўдную рэвалюцыю, новы ўрад быў бы здольны спыніць крызіс. Калі б насельніцтва размяло валюту з абменнікаў, ніякай карысці б дзяржаве ад гэтага не было. Быў выбар ці падняць цэны на валюту да ўзроўню «кусачых», ці прадаваць яе абмежавана па нізкіх. Спачатку зрабілі другі варыянт, потым, калі паніка сціхла – перайшлі да першага. Ніякі ўрад не здолеў б знайсці які небудзь геніяльны трэці варыянт. А будаваць эканоміку так, каб крызіс не ўзнік... Думаю, што недасканалым людзям гэта праблематычна, бо ёсць многія рэчы, якія могуць абваліць любую эканоміку, і якія не прадугледзіш...

28 июля 2014 г.



Вы можете оказать финансовую поддержку сайту разместив Вашу рекламу на его страницах. 

  

 Индивидуальный предприниматель Воложинский В.Г., свидетельство о государственной регистрации выдано 4.07.2012 г. Минским горисполкомом. УНП 191785219.

  vladimir_volozhinsky
 
© Воложинский В.Г., 2003 - 2014 гг. Все права защищены. Любое воспроизведение фотографий данного проекта без согласования с автором проекта  будет преследоваться по закону.
© Дизайн и программирование - Креатив-Лаборатория 82
главная страница добавить в избранное карта сайта электронная почта
бел | рус | de | en | sh