минск
Минск старый и новый
минск: старый и новый
 

Батлейка

Батлейка - з Бэтлеем (Віфлеем) – Betleem - Бэйт Лехем (Іўрыт) - хлебны дом –
народны лялечны тэатар, які зарадзіўся ў нашым краі ў XVI стагодзьдзі.


Апроч найбольш распаўсюджанай назвы - “батлейка” - сустракаюцца найменьні “яселкі”, “вяртэп”, “жлоб”. Адам Міцкевіч у сваёй паэме “Pan Tadeusz” згадвае “jasełka”, пэўна, назіраныя ім на ягонай Наваградчыне:

...biegła bardzo szybko, suwała się raczej,
Jako osobki, które na trzykrólskie święta
Przesuwają w jasełkach ukryte chłopięta .


...сунулася, быццам лялечка з батлейкі,
Якой, схаваўшыся, штукар кіруе нейкі.
(пераклад Пятра Бітэля)

Першыя батлейкі завезьлі да Вялікага Княства Літоўскага з Заходняй Эўропы мніхі-франьцішканы ў XVI стагодзьдзі і выкарыстоўвалі іх для тэатралізацыі касьцельных абрадаў, што прываблівала люд да храмаў і спрыяла пашырэньню хрысьціянства. Падпісаньне Берасьцейскай Уніі 1596 году і заснаваньне ўніяцтва паўплывала на зьяўленьне батлейкавага тэатру і ў цэрквах. Пэўны час батлейка заставалася справаю выключна сьвятароў, а яе рэпэртуар меў чыста рэлігійна-кананічны характар.

Батлейка-ратуша Пані Ганны Выгоннай 01
Батлейка-ратуша Пані Ганны Выгоннай
 
У XVII стагодзьдзі батлейкавае майстэрства ад рэлігійных асобаў перанялі іх вучні – студэнты езуіцкіх калегіяў. “Менавіта апошні чыньнік стаўся вырашальным ва ўзьнікненьні перасьмеўнасьці і кпінаў у змесьце паказаў” . У канцы XVII – пачатку XVIII стагодзьдзяў батлейка ад студэнтаў і шкаляроў-сэмінарыстаў трапіла да местачковых рамесьнікаў, а пазьней і сялянаў. З гэтага часу пачалося пашырэньне рэпэртуару батлейкі праз далучэньне да яго інтэрмэдыяў – жартаўлівых сцэнак, народных па паходжаньню, што адлюстроўвалі палітычнае, сацыяльнае, бытавое жыцьцё ўсіх нацыянальнасьцяў і пластоў насельніцтва, што жылі ў Рэчы Паспалітай. Так спалучыліся два пачаткі – клерыкальны і народны.

Ельнінская батлейка XVIII - пачатку XIX стагодзьдзяў. Рэканструкт Пані Ганны Выгоннай02
Ельнінская батлейка XVIII - пачатку XIX стагодзьдзяў. Рэканструкт Пані Ганны Выгоннай

Са зьменай сюжэту батлейкі і пярэйсьцем тэатру ад манахаў да простых людзей зьмянілася і форма батлейкавай скрыні. Трохпавярховая батлейка ў выглядзе царквы альбо касьцёла нібы ўвасабляла ў сабе мадэль сусьвету: угары было “неба”, пасярэдзіне – “зямля”, на доле – “пекла”. Далей скрыня набыла традыцыйны двухпавярховы падзел сцэнічнай пляцоўкі на неба (вышні паверх) і зямлю (дольны паверх). На вышнім паверсе паказвалі сцэны з гісторыі нараджэньня Езуса, на  дольным - містэрыяльную драму “Цар Ірад” ды інтэрмэдыі. 

У XVII i XVIII стагодзьдзях батлейка перажывае свой росквіт. Дасьледнікі батлейкавага тэатру адзначаюць, што да паўстаньня 1863-1864 гадоў амаль у кожнай вёсцы, ваколіцы была альбо свая ўласная батлейка альбо яе прывозілі і ладзілі на Каляды вандроўныя батлеяры. 

Паднявольнае жыцьцё адмоўна адбівалася і на мастацтве, і ў канцы XIX стагодзьдзя пачаўся заняпад батлейкавага тэатру. На пачатку XX стагодзьдзя шпэктаклі ладзілі толькі асобныя батлеяры. Захаваліся ўспаміны пра дзейнасьць аднаго з такіх – батлейніка Патупчыка, які выступаў у Докшыцах з 1909 па 1916. Вядомымі ёсьць таксама мірскія батлеяры Яўген Сілко з братам, Мацей Барашка з сынам, Ёсіф Моніч, што ставіў батлейку на Наваградчыне да 1939 году. На іх і абарвалася жывая батлейкавая традыцыя.

Апошні Батлеяр Яўген Сілко зь Міру 03
Апошні Батлеяр Яўген Сілко зь Міру

У 1983 годзе прафэсыйны графік Аўгіня Ліс і майстар традыцыйных музычных інструмэнтаў Алесь Лось адрадзілі зь нябыту батлейкавы тэатар. Створаная імі слаўная Залеская Батлейка дала пачатак іншым. Да жалю, адраджальніцы батлейкі Аўгіні Ліс ўжо няма, яна сышла ў 2009 годзе. Але ейная справа жыве. Першую нашую батлейку, зладжаную ў Навасёлкаўскай школе 23 сьнежня 2009 году, мы ахвяравалі памяці Аўгіні Ліс.

Прапаную гутарку з музыкам і батлеярам Панам Ськіргайлам.

 Гутарка з Панам Ськіргайлам
2 сакавіка 2012 нам пашчасьціла спаткацца з адмысловым батлеярам, дударом ды ўвогуле асобаю неардынарнаю – Панам Ськіргайлам. Ён ласкава адчыніў для нас дзьверы сваёй гасподы, папраўдзе каралеўства творчасьці. Мы разгледзелі некалькі батлейкавых скрыняў, дакрануліся і пагулялі з кожнай лялькаю, прымералі маскі. А якая гэта раскоша – сядзець ва ўтульным пакойчыку сярод цмокаў (драўлянага і драцянога), галоваў-масак мядзьведзя, казы, крумкача, Перуна і слухаць іхнага майстра, пытацца і атрымліваць грунтоўныя адказы! У гасподзе Пана Ськіргайлы безьліч найцікавейшай драбязы, але нам бракуе часу, каб дасканала разгледзець усё і запытацца пра ейнае прызначэньне, мы толькі прагна акідваем яе вачыма. Бо хочацца паназіраць, як Пан Ськіргайла рыхтуецца да шпэктаклю: на раскладным стале ставіць двухпавярховую скрыню, акурат на ўзроўні нашых вачэй, выбірае лялькі, адначасна тлумачыць нам сакрэты батлейкавага майстэрства.

Батлейка й лялькі Пані Галіны Жаровінай04
Батлейка й лялькі Пані Галіны Жаровінай. Фатаграфаваў Алесь Кудрыцкі

…Раптоўна на сцэне зьяўляецца Цар Гэрод, разгневаны, што мы асьмеліліся чапаць куфар з бутэлькамі ў ягоным “дварцы”, відаць, прыгатаваны на час ня рэдкага ў цара баляваньня: “Хто разрашыў?! Паставіць сій час жэ на места!” Цар Гэрод абяцае знайсьці на нас управу і пагражае, што пакліча сваіх ваякаў!.. Распачынаецца вядомая ўжо нам містэрыяльная драма “Цар Гэрод”, але ў яе гарманічна ўплецены сцэнкі з народнага жыцьця, альбо інтэрмэдыі.  Вось паказваецца бабця з доўгім таўкачом у рукох і апавяшчае нам пра свае прыгатаваньні да “куцьцёва-кісялёвага” сьвята:  зараз яна таўчэ крупы, а як скончыць, пойдзе варыць кісель і пячы кілбасу. Чаргуюцца пэрсанажы, зьмяняюцца сцэнкі, біблейныя карціны саступаюць мейсца камізму і сатыры, грунтаваным на падзеях і фактах цяперашняга навакольнага жыцьця. Дзіва, але кіруе лялькамі на абодвух паверхах батлейкі, прамаўляе да нас рознымі галасамі, патрапляе знайсьці адпаведнасьць актуальнаму моманту і публіцы (гэта значыць нам), імправізуе – адзін чалавек!

05
Батлейка й лялькі Пані Галіны Жаровінай

Зрэшты, слова – Майстру.   

- Упершыню я пабачыў батлейку ў 1992 годзе ў Міры, дзе вучыўся гэтаму майстэрству ў Галіны Жаровінай. Мне надта пашанцавала, што маёй настаўніцай была праўдзівая рэстаўратарка-адмыслоўка, якая разам з Ганнаю Выгоннаю падрабязна вымервала й крэсьліла з аўтэнтычных лялек і батлеек XIX-га стагодзьдзя, перахоўваных у расейскіх музэях, і адмыслова рэканструявала паводле гэтых крэсьбаў-вымераў. Дасьледніцы знайшлі і вывучылі ўсе мажлівыя зьвесткі пра батлеярства. Нарэсьце, Галіна Жаровіна й Ганна Выгонная стварылі ўласны музэй-тэатар-студыю ў мірскае вучэльні. Таму творчасьць маёй настаўніцы для мяне ўзорам. У 1999-м пачаў ладзіць уласныя шпэктаклі.

Мы дзівімся, як дасканала зробленыя лялькі:
- А з чаго яны?
- Гэта кардон, аблеплены паперкаўкай (так Пан Ськіргайла называе пап’е-машэ) і пафарбаваны алейнымі фарбамі.  
 - Няхай Пан будзе ласкавы выказаць нам свой погляд на батлейку.

- Ва ўсім, што мы паказваем у шпэктаклі, шмат сэнсаў. Напрыклад, лялька мужыка Антона. Яна сабою сымбалізуе штосьці накшталт архэтыпу, то бок, такіх вельмі шмат, прасталюдзінаў. Мы апранулі яго ў сучаную апратку. Альбо бабця – таксама архэтып, бо яна спалучае ў сабе вобразы бальшыні бабцяў. Архэтыпы ў маёй батлейцы гавораць на трасянцы, што дадае прамовам сьмяхотнага калярыту і, уласна, адлюстроўвае штодзённую рэчаіснасьць. Трасянка была й у тэкстах ХІХ стагодзьдзя. Але, калі пэрсанажы прамаўляюць як асобы, але не як архэтыпы, тады яны гавораць на амаль чыстай вялікалітоўскай мове. І гэтак было й у колішніх інтэрмэдыях. Усе пэрсанажы, якія ўяўляюць сабою архэтыпы, могуць быць апранутыя ў сучасную апратку, каб людзі іх лацьвей пазналі. Бо калі гледачы бачаць ляльку ў апратцы XIX стагодзьдзя, яны мяркуюць: “Ат, гэта ўсё рэлігійны сюжэт, старажытны…” – і не асацыююць з сучаснасьцю, што ў гэтых архэтыпах паказана тое, што й цяпер існуе.

Ксёндз. Твор Пана Ськіргайлы06
Ксёндз. Твор Пана Ськіргайлы . Фатаграфаваў Іван Мікалаеў

А як мы патлумачым гэтым хлопцам, якія пайшлі на бокс, што яны мусяць шанаваць ня толькі сілу, але і розум? Мы можам у батлейцы паказаць гэтыя ўсялякія памылкі такім чынам, каб людзі іх пазналі. І гэта наша маленькая спроба выхаваць людзей, даць ім мажлівасьць паглядзець на сябе, як на лялькі, і ўцяміць, што яны таксама, як гэтыя лялькі, памыляюцца.

Калі мы будзем казаць камусьці ў вочы: “ты паводзіш сябе, як лялька,” – то гэта можа быць патрактавана за абразу. А калі мы сьпярша пакажам шпэктакаль, дзе лялечныя пэрсанажы паводзяць сябе, як хамы альбо як простыя і наіўныя, то потым у гутарцы з гэтымі людзьмі льга згадаць пэрсанажа і прапанаваць ім параўнаць яго з сабою. Ведама ж, і на гэта будуць крыўдаваць, але калі сказаць пэдагагічна-дыпляматычна-хітра, то такім чынам мы можам выхоўваць іншых людзей. Вось гэтыя сродкі ўплыву на іншых людзей і ёсьць тэатар. Тое, што мы ня можам сказаць наўпрост, мы маем мажлівасьць сказаць крыва, праз пасярэдніцтва лялек.

- А ў каханьні? 
Вось пра тое, што людзі як лялькі. Вашэці, ўсе тры – будучыя жонкі чыесьці. І, маніпулюючы зь лялькамі, вы можаце даўмецца пра тое, што іншыя людзі таксама імкнуцца маніпуляваць іншымі як лялькамі. І ў асабістых стасунках часта ці хлопец, ці дзяўчына імкнуцца маніпуляваць сваімі партнэрамі менавіта як лялькамі. Або каб атрымаць довады, што іх папраўдзе кахаюць, яны змушаюць таго, хто ў іх закаханы, чымсьці ахвяраваць, напрыклад, поглядамі. І нярэдка яны ў гэтым перагінаюць.

Таму галоўная ідэя батлейкі, на мойны споцям – навучыць людзей ня быць лялькамі і самому навучыцца ня быць лялькаю. І ў стасунках зь іншымі людзьмі не пераходзіць тае мяжы, калі пачынаеш іншага чалавека трактаваць за ляльку і пазбаўляць яго волі. Як вось у гэтым маім расповедзе пра залёты. Хлопцы вельмі любяць скарыстацца зь дзявочай наіўнасьці і цалкам падпарадкаваць сабе дзяўчыну, то бок, зрабіць зь яе сапраўды ляльку. Пэўна ж, дзяўчаты з хлапцамі гэтаксама ўчыняюць. Але  пазбаўленьне чалавека волі і ператварэньне чалавека на ляльку ў любым выпадку да добрага не давядзе. Бо чым больш чалавек саступае, тым больш яго далей будуць змушаць саступаць; чым больш чалавек бачыць, што яму саступаюць, тым больш ён будзе змушаць іншага ад чагосьці адмовіцца дзеля яго – ад поглядаў, ад годнасьці чалавечае… Ён будзе трактаваць таго, хто яму саступае, як сваю ахвяру, як сваю здабычу, і не будзе шанаваць. У асабістых стасунках, калі такое адбываецца, ён будзе потым і здраджваць і ўрэшце рэшт кіне. Альбо будзе трымаць за рабыню. Тое самае адбываецца і ў грамадзкім жыцьці. Напрыклад, гэта стасункі кіраўніка і падпарадкаваных яму.

Каб патлумачыць людзям галоўную ідэю, што мы заклікаем іх ня быць лялькамі сваім шпэктаклем, ільга ня толькі апрануць нейкіх пэрсанажаў у сучасную апратку. Мы можам увесьці ў свой шпэктакаль элемэнты вось гэтых выпадкаў з жыцьця так, каб яны выглядалі адначасна й сьмешна, і трагічна; каб даць людзям мажлівасьць пазнаць сябе ў лялечных пэрсанажах. 
       
07
Бабця. Твор Мамы Галіны Жаровінай. Фатаграфаваў Васіль Явід.

Разьвітваючыся з найлепшым батлеярам ад Нясьвіжу да Вільні, мы разумеем, што патрэба ў такой батлейцы адпадзе тады, калі люд пазбавіцца ад заганаў і кожны чалавек разьняволіць свой дух і усьведаміць сябе Асобаю.

Праводзіў нас Пан Ськіргайла гукамі дуды. 

Сьпіс выкарыстаных крыніцаў
1.    Adam Mickiewicz. Pan Tadeusz czyli Ostatni zajazd na Litwie: Historia szlachecka z r. 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem, ks. I, 551-553. 
2.    Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве. Шляхэцкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам/ Пер. П. Бітэля; Камэнт. В. Рагойшы, Я. Янушкевіча; Маст. В. Шаранговіч. - Мн.: БФК, 1998; кн. I, 552-553.
3.    Аўтарская праграма з метадычнымі рэкамендацыямі батлейкавага гуртка “Калядня” двухгадовага тэрміну навучання для дзяцей 7-13 гадоў для ўстаноў пазашкольнага навучання і выхавання і агульнаадукацыйных школ / Укл. А. Ліс. – Мн.: НЦТДзіМ, 2004.
4.    Беларускі тэатр лялек батлейка: Месца ў сістэме дадатковай адукацыі / Укл. і малюнкі Аўгіні Ліс. – Мн.: УА «НЦТДзіМ», 2001. – 60 с.
5.    Гісторыя беларускага тэатра. У 3-х т. Т. I. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917. / [М. Каладзінскі, А. Мальдзіс і інш.]. – Мн.: Навука і тэхніка, 1983.  
6.    http://www.sb.by/v-poiskakh-utrachennogo/article/pan-skirgayla.html
“СБ”, публікацыя Сьвятланы Ліцкевіч “Пан Скиргайла” ад 18.01.2003.  


















Вэраніка Матусэвіч,  26-30.III.2015    

          

Скульптура «Батлейка» побач з тэатрам музычнай камедыі, аўтар Л.Зільберг (успаміны тут). Фота Валожынскага Ў., 25.06.2009.

Вы можете оказать финансовую поддержку сайту разместив Вашу рекламу на его страницах. 

  

 Индивидуальный предприниматель Воложинский В.Г., свидетельство о государственной регистрации выдано 4.07.2012 г. Минским горисполкомом. УНП 191785219.

  vladimir_volozhinsky
 
© Воложинский В.Г., 2003 - 2014 гг. Все права защищены. Любое воспроизведение фотографий данного проекта без согласования с автором проекта  будет преследоваться по закону.
© Дизайн и программирование - Креатив-Лаборатория 82
главная страница добавить в избранное карта сайта электронная почта
бел | рус | de | en | swe | pl